Хто, Што, Дзе

ХТО МЫ

Мы – гэта Гісторыка-краязнаўчае таварыства “ЭТНА”.

“Этна” - гэта суполка сяброў-аднадумцаў, пераважна студэнтаў, якім мілы родны кут, дзе за пушчай, за лесам, за балотам з дрыгвой вечную песню пяе Белавежа, дзе Нёман на захадзе помніць варожую кроў, дзе можна на поўныя грудзі ўдыхаць пах чабору, з замілаваннем слухаць рэха ў гаях і песню салаўя. Наша моц – Вострая брама святая, Чорны замак Альшанскі, кветка шыпшыны і пахучы бэз. Гэта нашыя тры чарапахі, кіты і сланы, падмурак нашага зямнога жыцця. Мы верым, што хутка зацвіце наш край, як сонца, пасля непагоды. Таму мы робім...

ШТО МЫ

Таварыства “ЭТНА” заснаванае 15 красавіка 2003 ў Менску.

Мы хочам зрабіць Беларусь беларускай. А для гэтага мы:

Кароткія нарысы нашага супольнага існавання:

А яшчэ мы:

Святкавалі Купалле на Яновым возеры (на Полаччыне) i на рацэ Іслач пад Ракавам, Каляды ў Крэве і Лылойцах, Гуканне вясны ў Строчыцах і на Менскім гарадзішчы...

Ратавалі выкінутую на гарадскі сметнік археалагічную калекцыю са старога Менска, праваслаўныя могілкі ў Ракаве, Крэўскі замак, Беларусь, будынкі старога шпіталя ў Слоніме, падмуркі палаца Радзівілаў і дом “Гарачы хлеб” 1928 г. у Гародні. Часам паспяхова...

Спявалі і танчылі ў Хаўхоліцы (на Барысаўшчыне) разам з дзецьмі ў доме-інтэрнаце, у вячэрняй школе ва Уруччы для праблемных падлеткаў, для дзетак-беларусікаў з Віленскай гімназіі імя Францішка Скарыны, разам з вясковай моладдзю ў быстрыцкім сельскім клубе, са студэнтамі Кракаўскага Ягелонскага універсітэта ў кавярні “Szafe”, са студэнтамі і не толькі на незлічоных канцэртах і вячорках у нашым родным Універсітэце культуры і мастацтваў...

Ладзілі лекцыі на цікавыя тэмы па гісторыі і культуры Беларусі з удзелам Зміцера Яцкевіча, Анатоля Грыцкевіча, Яўгена Сахуты, Генадзя Сагановіча, Ніла Гілевіча, Уладзіміра Арлова, Эдварда Зайкоўскага і шмат каго яшчэ. На канцэртах у аўдыторыях нашага універсітэта для ўсіх-ўсіх-ўсіх выступалі: “Джамбібум”, “Ліцвінскі Хмель”, “Рахіс”, “Рокаш”, “Гістрыён”, “Рэха”, “Кудмень”, Зміцер Сідаровіч, Паша Кузіч, Таццяна Беланогая, Андрэй Хадановіч і шмат-шмат хто яшчэ.

Смачна елі цэпеліны ад спагадлівай бабулі ў Быстрыцы, вэнджаніну з чорным хлебам з Сержуком Вітушкам у Вільні, печыва з гарбатай у кракаўскіх манахаў-дамініканаў, згушчонку ў Малевіцкім сельсавеце (на Жлобіншчыне), незлічоныя слоікі варэння, кубкі гарбаты і пачкі печыва на сядзібе таварыства “Этна” ува універсітэцкім інтэрнаце №1...

Шукалі Цмока (змея лятучага) падчас трох навукова-этнаграфічных экспедыцый у лютым 2004, 2005 і 2006 г. (г. Расоны на Расоншчыне, в. Быстрыца на Астравеччыне і в. Цыкуны на Гомельшчыне). Самога Цмока пакуль не знайшлі, але сабралі шматлікія сведчанні пра гэтую пачвару: паданні і забабоны. Супрацоўнічаем з Колам беліцкіх даследчыкаў – пакуль што адзіным згуртаваннем цмаколагаў на Беларусі.

Таксама бадзяліся па вуліцах Віцебска, Вільні, Гомеля, Пінска, Полацка, Кракава, Магілёва, Маладзечна, Пухавічаў...

Да канца жыцця будзем удзячныя нашым бацькам; спадарыні Галіне Сівалавай (дырэктарцы Віленскай гімназіі імя Францыска Скарыны) – за давер, наказанне і дараванне; спадару Сержуку Вітушку – за расповеды, песні і светлыя пачуцці; Ядвізе Дамінікаўне Грыгаровіч (былому рэктару Універсітэта культуры і мастацтваў) – за паразуменне і прыклад для пераймання; спадару Мікалаю Іванавічу Тарандзе – за гумар, байкі і прытулак у інтэрнаце гарадзенскага агратэхнічнага універсітэта; магіляўчанам – за матэрыяльна-тэхнічную базу; гарадзенцам – за тое, што яны ёсць (Асабліва Ігару Лапеху, Юру Седзянеўскаму і Янку Лялевічу – за гасціннасць. Мы вас любім!); спадару Юрыю Гардзееву і Ліліі Коўкель – за зацны прыём і ідэйнасць; Уладзіміру Караткевічу; Язэпу Драздовічу; Ігнату Дамейку; Гервасію Выліваху; Юрасю Братчыку; Ларысе Геніюш...

ДЗЕ МЫ

Эл. пошта:

Адказныя людзі таварыства (хаця гэта яшчэ пытанне):


ГКТ “Этна” заўжды адкрытае да новых прапаноў і цікавых ініцыятыў!